1.
Стыпендыі Кірыла пазбавілі за хранічную непаспяховасць па гісторыі КПСС. Калі не браць пад увагу той мізэрнай сумы, якую штомесяца высылала яму з вёскі бабуля, адрываючы апошняе ад сваёй гарапашнай калгаснай пенсіі, дык пяцьдзесят тры рублі, якія ён атрымліваў у інстытуце, былі для яго адзіным сродкам на існаванне. З іх жа адзінаццаць рублёў трэба было аддаваць Антаніне Язэпаўне за два пакоі, якія ён у яе наймаў. На рэшту Кірыл, па задуме, меўся, ні ў чым сабе не адмаўляючы, пражыць месяц, штодзень трацячыся на праезд да інстытуту і назад з дзвюма перасадкамі. Відавочна, каб жыццё мёдам не здавалася, у гэтым месяцы дэканат філфака вырашыў пасадзіць свайго нядбайнага студэнта на галодны паёк.
– А чаму вас гэта, уласна кажучы, здзіўляе, малады чалавек? – спытаў дэкан Мікола Андрэевіч, зняўшы масіўныя рагавыя акуляры і ўважліва паглядзеўшы на Кірыла, што сядзеў насупраць яго. – Вам колькі гадоў?
– Хутка дзевятнаццаць, – прамармытаў той, адчуваючы, што дарэмна прыйшоў у гэты кабінет шукаць спагады.
– Ну вось, бачыце! – шматзначна варухнуў кусцістымі сівымі брывамі дэкан. – Вы цалкам дарослы і свядомы чалавек, дык навошта ж я павінен чытаць вам натацыі, як маленькаму? Вы нарадзіліся і выраслі ў савецкай краіне, у савецкую школу хадзілі, акцябронкам, піянерам былі, ці не так? Наша ўлада вас выхавала, дала вам магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю, каб вы маглі стаць добрым спецыялістам і працаваць на карысць дзяржавы, а вы, замест таго каб праштудзіраваць як след матэрыялы ХХVII з’езду КПСС або ўважліва заканспектаваць артыкул Леніна, займаецеся крапаннем двухсэнсоўных і няздарных вершыкаў. Ці да твару гэта камсамольцу, скажыце на ласку?
– Я не камсамолец, – запярэчыў Кірыл.
– Ну вось, бачыце! – зноў заварушыў брывамі дэкан.
– Толькі адкуль вы ведаеце, што мае вершы двухсэнсоўныя і няздарныя? Вы ж іх, наколькі мне вядома, не чыталі.
– Як жа не чытаў? Яшчэ як чытаў! Хіба гэта не вашы вершы пра бледнага анёла траха не апублікавалі ў навагодняй інстытуцкай сценгазэце?
– Мае, – не адракаўся Кірыл.
– Ну вось, бачыце! – падобна, што гэта была ўлюбёная прыказка дэкана. – Дык чаго ж вы хочаце?
Кірыл зразумеў, што хацець яму і сапраўды больш няма чаго. Манументальны, увесь абабіты скурай кабінет Міколы Андрэевіча ціснуў на яго сваімі сценамі, а партрэт Ільіча, што, як і мае быць, вісеў над сталом, дакорліва глядзеў на яго, нібы партрэт Маркса на Пугаўкіна, і, здавалася, гаварыў: “Ага, гэта той самы, які не чытаў маёй архіважнай кнігі “Што рабіць?”!”
Кірыл, не развітваючыся, устаў і моўчкі накіраваўся да дзвярэй, такіх жа манументальных і скураных, як і ўсё навокал.
– Вам бы радавацца трэба, што цяпер часы змяніліся, – услед яму холадна прамовіў дэкан. – Раней да вас прынялі б больш строгія захады.
Кірыл у гэтым не сумняваўся і сапраўды быў рад, што часы рэальна змяніліся.
| Помогли сайту Реклама Праздники |