Произведение «ЦЁМНЫ АНЁЛ. РАЗДЗЕЛ 1-4»
Тип: Произведение
Раздел: По жанрам
Тематика: Фантастика
Автор:
Читатели: 460 +1
Дата:

ЦЁМНЫ АНЁЛ. РАЗДЗЕЛ 1-4

4.

Дадому ён вярнуўся а дзевятай гадзіне, утомлены і празяблы, хаця вечар, па зімовых мерках, быў зусім не сцюдзёны. Адамкнуў дзверы сваім ключом, запаліў у прыхожай святло, кінуў у кут сумку на доўгім рэмені, павесіў паліто і шапку, зняў чаравікі і ў адных шкарпэтках пашлёпаў у свае пакоі. Яму не хацелася трывожыць гаспадыню, але Антаніна Язэпаўна сама выйшла яму насустрач. Гэта была жанчына пяцідзесяці васьмі гадоў, невысокая, трошачкі поўная, з папялястымі, злёгку хвалістымі валасамі, адзетая ў дамашні халат і шырокія пантофлі са змятымі пяткамі. У яе быў разумны, прывабны твар з дабрадушна пухлымі вуснамі і трошкі завялікім носам. Яна насіла акуляры ў тонкай металічнай аправе, але ўсё роўна пастаянна падслепавата жмурыла шэрыя, амаль без вейкаў, вочы. Са сваёй вялікай чатырохпакаёвай кватэры два сумежныя пакоі – гасціную і спальню – яна здавала Кірылу, а ў астатніх двух жыла сама. Сваякоў у яе не было. Муж яе памёр шэсць гадоў назад ад раку, а адзінага сына два гады назад забілі ў Афганістане. Кірыл ведаў, што займае менавіта ягоныя пакоі, і гэта яго трохі бянтэжыла. Наогул, гаспадыня ставілася да свайго кватаранта вельмі цёпла – можа, ён нечым нагадваў ёй яе загінуўшага Лёшаньку. Ад гэтага Кірыл таксама заўсёды пачуваў сябе ніякавата.
– Нешта ты сёння прыпазніўся? – прамовіла Антаніна Язэпаўна, уважліва гледзячы на змарнелага, утомленага Кірыла. – І выглядаеш кепска. Здарылася што небудзь?
– Мяне стыпендыі пазбавілі, – прызнаўся той бясколерна.
– Вось сволачы! – ціха абурылася гаспадыня.
– Чаму сволачы? А можа, па заслугах пазбавілі? Адкуль вам ведаць?
– Гэта цябе па заслугах? Не распавядай! Першы дзень мы з табой знаёмыя, ці што!
Кірыл нічога не адказаў – размаўляць не хацелася. Моўчкі ўвайшоў на сваю палавіну, шчыльней зачыніў дзверы гасцінай, не запальваючы святла, прысунуў фатэль бліжэй да акна і сеў, выцягнуўшы азяблыя ногі да батарэі. Гасціная была вялікая, з высокай столлю, як ва ўсіх будынках старой архітэктуры, і жыць у ёй можна было, зусім не карыстаючыся электрычнасцю: з вуліцы проста ў акно вечарамі свяціў ліхтар, што стаяў насупраць дома, і таму, калі сядзець на падаконніку, можна было нават чытаць. Мэбля кідала на падлогу і сцены доўгія цені. Тут было ўсё неабходнае, у тым ліку і маленькі халадзільнічак, які гаспадыня аддала кватаранту, каб той мог трымаць у ім прадукты. Халадзільнічак, зрэшты, амаль заўсёды стаяў пусты – Кірыл, як правіла, купляў прадуктаў акурат столькі, колькі мог з’есці за дзень, і ніколі не рабіў запасаў.
Снег за акном паляцеў гусцей, вялікімі лапчастымі камякамі. Глядзець, як ён калышацца ў святле ліхтара, было прыемна і заспакойліва. З вуліцы даносіўся прыглушаны, манатонны шум машын, які, калі да яго прывыкнуць, зусім перастаеш заўважаць. Кірыл адчуваў, што саграваецца. У калідорчыку за дзвярыма, шоргаючы пантофлямі, хадзіла гаспадыня. Потым дзверы злёгку прачыніліся, упусціўшы палосу святла, і Антаніна Язэпаўна зазірнула ў гасціную:
– Чаго ў цемнаце сядзіш? Хадзем на кухню. Я бульбачкі наварыла з тушонкай. І салёныя агурочкі ёсць. Ідзі, пажуй трошкі з холаду.
Кірыл моўчкі выбраўся з фатэля.
Кухня была вялікая, кафляная і няўтульная, але ў ёй хораша пахла тушонай ялавічанай – з алюмініевай каструлькі, што стаяла на стале насупраць пліты. Пакалупаўшы лыжкай у каструльцы, гаспадыня палажыла на талерку перад Кірылам некалькі вялікіх сопкіх бульбін, прысунула сподачак з нарэзанымі агуркамі:
– Еш давай. Добрая бульбачка. І тушонку толькі сёння выкупіла.
– Навошта вы мяне корміце, Антаніна Язэпаўна? – спытаў Кірыл, сумна ўтаропіўшыся ў талерку. – Я вам за той месяц вінаваты і за гэты не заплачу, вы ж разумееце. Дзякую, што хоць з кватэры не выганяеце, а тут яшчэ бульба...
– Дурань ты, – сказала гаспадыня і пакруціла галавой. – Куды ж цябе выганяць такога? У падваротню? Еш, студэнт, ды памоўчвай. Разлічымся як небудзь.
Кірыл напхаў у рот бульбу. Было смачна. Тушонку гаспадыня атрымлівала ў спецыялізаванай краме, дзе абслугоўваліся, у асноўным, ветэраны вайны і працы. За пот і кроў, пралітыя ў гады фашысцкай навалы, дзяржаваю, якую яны выратавалі, ім сёння прызначалася па бляшанцы кавы, тушонкі і згушчонкі ў месяц, плюс часам, у вялікія святы, кіляграм памаранчаў або мандарынаў. Антаніну Язэпаўну ласкава дапускалі ў гэтую краму ў памяць аб яе загінуўшым сыне.
– За што ў цябе стыпендыю адабралі? – пацікавілася гаспадыня, сеўшы насупраць Кірыла і падпёршы шчаку кулаком.
– За гісторыю КПСС.
– Ясна. А ад бабулі калі чакаеш?
– Не ведаю... На пачатку сакавіка, напэўна...
– А жыць на што думаеш?
– Я вершы ў газэту занёс. Можа быць, заплоцяць ганарар. У панядзелак будзе вядома.
– Шмат спадзяешся атрымаць?
– Залежыць ад таго, колькі вершаў надрукуюць. Я цэлы сшытак ім пакінуў. Калі дадуць рублёў пяць, дык да канца месяца датрываю.
– Рублёў пяць я б табе і без газэты пазычыла.
– Не трэба, Антаніна Язэпаўна. Сорамна мне. Вы і так для мяне столькі робіце. Да таго ж, калі бабуля даведаецца, што я жыву на чужы кошт, яна вельмі сердаваць будзе.
– А ты ёй не пішы пра гэта, яна і не даведаецца.
– Не ўмею я хлусіць. Яна адразу адчуе, дзе хлусня.
– Значыць, і пра стыпендыю напішаш?
– Напішу. Толькі пазней, калі мне яе зноў даваць пачнуць.
– Лунацік ты, далібог... – уздыхнула гаспадыня. – Усе паэты такія, ці што?
– Я яшчэ не паэт, што вы... – збянтэжыўся Кірыл.
– Але вершы ж пішаш.
– Не кожны, хто піша вершы, – паэт.
– Не ведаю. Я, канечне ж, на літаратуры не вельміта знаюся, але мне твае вершы падабаюцца.
– Дзякую. А дэкану вось не спадабаліся.
– Дык ён яшчэ і за вершы цябе?..
– Напэўна. Я нават думаю, што ў першую чаргу за вершы.
– Навошта ж ты яму паказваў? Нёс бы адразу ў газэту, а калі б там апублікавалі, яму б і вякнуць не было чаго.
– Цяпер я і сам гэта разумею. Але зробленага не вернеш. У нас жа так: калі працаваць, дык каб па савецку, без усякай матэрыяльнай зацікаўленасці, на голым энтузіязме, а як караць – дык адразу па капіталістычнаму, рублём...
– Мілы ты мой, – мякка ўсміхнулася Антаніна Язэпаўна, – не рабі ты трагедыі са сваёй гарапашнай стыпендыі. Зірні на гэта з іншага боку. Вось я жанчына ўжо немаладая, і паслухай, што я табе скажу: дзякуй Богу, што ў нашай краіне людзей нарэшце пачалі караць па капіталістычнаму. У гады майго незабыўнага дзяцінства, напрыклад, за значна меншыя правіннасці каралі чыста па савецку – расстрэлам і лягерамі.
– Дэкан сказаў мне прыблізна тое ж самае, – уздыхнуў Кірыл, – у тым сэнсе, што часы цяпер змяніліся...
– Што ж, тут ён, як не круці, мае рацыю, – развяла рукамі гаспадыня. – Ды ты еш, еш. І не бядуй. Перамелецца – мука будзе. Бог дасць, як небудзь месяц перакантуешся, а там, вось убачыш, усё наладзіцца. Дадуць табе тваю стыпендыю. Пацешаць трошкі свой прыродны садызм і дадуць. А вось яшчэ вершы твае ў газэце паявяцца, дык зусім па іншаму на цябе глядзець пачнуць. Тады і за правы свае змагацца лягчэй будзе.
– Я не ўмею змагацца, я не герой... Мне проста жыць хочацца, як нармальнаму чалавеку, спакойна і без подзьвігаў... – прамармытаў Кірыл прыгнечана, сам саромячыся сваіх слоў. Яму часта даводзілася прызнаваць перад самім сабой уласную бездапаможнасць у абароне сваіх жыццёвых інтарэсаў, але вось так, перад чужою, хаця і вельмі добрай жанчынай ён зрабіў гэта ўпершыню.
– Не мною сказана: гора той краіне, якая мае патрэбу ў героях, – пакруціла галавою Антаніна Язэпаўна. – А краіна, у якой героямі мусяць быць паэты, наогул не мае права называцца цывілізаванай. Гэта адназначна і не можа быць абскарджаным.
Кірыл уважліва паглядзеў на яе. Гэтая жанчына размаўляла з ім абсалютна шчыра, аніколькі не баючыся, што ён можа перадаць яе антысавецкія словы канкрэтным асобам. Значыць, яна поўнасцю давярала яму і не сумнявалася, што ён прыстойны чалавек. Кірыл не разумеў, чым заслужыў такі давер. Няўжо ж ён і сапраўды быў падобны да загінуўшага сына Антаніны Язэпаўны аж настолькі, што яна нават ставілася да яго амаль як да сына? Зрэшты, Кірыл ведаў, што абсалютна непадобны.  Гаспадыня, праўда, ніколі не паказвала яму фатаграфіяў свайго Алёшы, але Кірыл ведаў, што той быў добры спартсмен, кандыдат у майстры спорту па самба, актывіст камсамолец і наогул з усіх бакоў станоўчы хлопец. Кірыла ж не ўзялі ў войска праз слабое сэрца – ён не тое што займацца спортам, а і сто метраў прабегчы без задышкі і пацямнення ў вачах быў не здольны. Хваробы неадчэпна праследвалі яго з маленства. У роднай вёсцы, дзе народ быў, як на падбор, дужы, здаровы ды румяны, яго лічылі амаль вырадкам і шчыра шкадавалі бабулю, вымушаную ў адзіночку важдацца з гэткім недаробкам. Але бабуля важдалася, таму што ў Кірыла пасля гібелі бацькоў больш нікога, апрача яе, на цэлым свеце не было. Вось і да сканчэння дзесяцігодкі яна яго на сваіх плячах дацягнула, і ў горад сабрала і адправіла па людску, і грошы яму высылала на пражыццё, колькі магла, таму што ведала: сам сабе на хлеб зарабіць ён не патрапіць ні рукамі, ні нагамі, ні галавой. Пра паэтычныя здольнасці ўнука бабуля была невысокай думкі і наогул лічыла ўсё гэта просто дзівацтвам.
Пасля вячэры Кірыл зноў адправіўся да сябе і адразу ж заваліўся спаць. У начной цішыні праз чуйную дрымоту ён выразна чуў нягучнае шамаценне радыёпрыёмніка ў спальні гаспадыні: Антаніна Язэпаўна зноў паціху слухала радыё «Свабода», якое зусім нядаўна перасталі глушыць начамі. Яна амаль не рабіла таямніцы з таго, што слухае гэтак званае «врожае» радыё. Яна сапраўды нічога не баялася. Зрэшты, цалкам магчыма, што пасля смерці сына ёй стала папросту ўсё роўна. Нейк раз яна мімаходзь прызналася Кірылу, што ўжо даўно жыве па інерцыі. Напэўна, у такім стане людзі сапраўды трацяць пачуццё страху.
Реклама
Реклама