7.
З рэдакцыі Кірыл выйшаў, адчуваючы сябе апляваным. Тоненькі сшытак адцягваў кішэнь паліто, як быццам важыў цэлы кіляграм. «Томов премногих тяжелей...» – падумаў Кірыл і крыва ўсміхнуўся, разумеючы, што яго толькі што знішчылі як паэта. Ніколі і ў ніводную газэту ягоныя вершы, канечне ж, больш не пойдуць – Усевалад Канстанцінавіч аб гэтым абавязкова паклапоціцца. Разам з Г. Прасвіцкім, якому, несумненна, будзе перададзена меркаванне Кірыла аб ягонай творчасці. А ён яшчэ раскаціў губу на ганарары! Дурань... Атрымаў мордай аб сценку – так табе і трэба. Надалей вучыся кывадушнічаць, праўдалюбец хрэнаў. Кірыл раптам упершыню ў поўнай меры адчуў, у якім, аказваецца, маленькім горадзе ён жыве. Канечне, усе літаратары тут знаёмыя між сабою, усе стаяць адзін за аднаго і, калі зачапіць каго небудзь з іх, адразу ж усходзяцца і ўсе астатнія. Не, у свёй кампаніі яны, канечне ж, могуць ненавідзець адзін аднаго, зайздросціць поспехам калегаў, гаварыць пра братоў па пяру розныя паскудствы, але варта толькі чужынцу звонку патрывожыць іхні вулей, яны тут жа аб’ядноўваюцца, забыўшыся на ўнутраныя сваркі, і цэлым роем кідаюцца джаліць няпрошанага прыхадня. Так будзе і з Кірылам. Няўжо ён гэтага не разумеў? Усё такі ён не дзіця і, канечне, меўся ўяўляць сабе, як доўга трэба поўзаць на пузе перад рознымі рэдактарамі і членамі Саюзу пісьменнікаў, каб табе нарэшце дазволілі сесці на самы краёк лаўкі, занятай літаратурнымі тузамі. Эх, ды што там казаць, усё ён добра разумеў і ўяўляў сабе. Але ён быў хлопчыкам, выхаваным на Булгакаве, а таму наіўна верыў, што ў творчасці талент усё такі важнейшы за членскую кніжачку. Любога звання можна пазбавіць, думаў ён, любую ўзнагароду адабраць, а вось звання паэта і ўзнагароды талентам можа пазбавіць толькі Пан Бог. Гэтыя рэчы людскому суду непадуладныя. Што ж, магчыма, ён памыляўся...
Кірыл нечакана ўсвядоміў, што ягонае жыццё нейк у вокамгненне страціла ўвесь свой сэнс. І справа тут была, канечне ж, не ў ганарары, якога ён не атрымаў, дый увогуле не ў грошах. Да апошняга моманту сэнс ягонага жыцця заключаўся ў вершах. Цяпер жа пісаць, здаецца, больш не было для каго. Які толк у гэтым сіненькім сшытку, калі ніхто і ніколі не прачытае ягонага зместу? Ды, уласна кажучы, і ў таленце сваім Кірыл ужо пачаў сумнявацца. А што калі гэты намеснік рэдактара мае рацыю і Кірыл сапраўды нічога не верты як паэт? Тады, выходзіць, дарэмна ён нагаварыў рэзкасцяў і незаслужана пакрыўдзіў знакамітага пісьменніка Г. Прасвіцкага...
Туманная адліга ўсё ўзмацнялася, і Кірыл, зусім паглыбіўшыся ў свае сумныя думкі і амаль не бачучы дарогі, некалькі разоў паслізнуўся і траха не ўпаў, раней як неспадзявана для сябе ўсвядоміў, што стаіць на пешаходнай дарожцы высокай эстакады, што плаўнай бетонавай дугою ішла ў бок новага мікрараёна. Ён уяўлення не меў, як і навошта апынуўся тут. У новы мікрараён яму было зусім не трэба – і дом ягоны, і інстытут знаходзіліся ў абсалютна процілеглым накірунку. Міма яго і пад ім з гулам, узмоцненым бетонавай акустыкай, прабягалі аўтамабілі, але пешаходаў зусім не было, толькі далёка спераду маячыла маленькая фігурка нейкага хлопчыка ў шэрым шарсцяным трэніровачным касцюме і са спартыўнай сумкай на плячы – ён, відавочна, ішоў у бок стадыёну, чыя ажурная шкляная чаша, адлюстроўваючы навакольны свет, узнімалася за эстакадай.
Кірыл спыніўся і паглядзеў хлопчыку ўслед. На душа стала зусім цёмна. Напэўна, калі б у Кірыла было крышку больш грошай, ён пайшоў бы на вакзал, купіў бы білет на цягнік і ў агульным вагоне за шэсць гадзін дабраўся б да роднай вёскі. Ён ведаў, што бабуля не стала б яго лаяць, хаця па суседзях, канечне ж, тут жа папаўзлі б чуткі, што вось, маўляў, яе недаробленага разумніка выперлі з інстытуту. Аднак грошай у Кірыла не было, а на тое, каб і сапраўды пазычыць у гаспадыні, ён не згадзіўся б ні ў якім разе, асабліва цяпер. Сеўшы на парэнчы эстакады, ён уздыхнуў і памацаў у кішэні свой злашчасны сшытак. «Што ж, няхай будзе так», – гэтая думка была абсалютна спакойнай, пазбаўленай усякіх эмоцыяў. Кірыл хіснуўся ўсім корпусам, не адчуваючы ні страху, ні шкадавання, і спінаю ўперад паляцеў уніз з эстакады.
| Помогли сайту Реклама Праздники |