Произведение «ЦЁМНЫ АНЁЛ. РАЗДЗЕЛ 1-8»
Тип: Произведение
Раздел: По жанрам
Тематика: Фантастика
Автор:
Читатели: 347 +1
Дата:

ЦЁМНЫ АНЁЛ. РАЗДЗЕЛ 1-8

8.

Ён і падумаць не мог, што дзве секунды, якія цягнуўся гэты палёт, здольныя быць такімі доўгімі. Заснежаны асфальт унізе прыбліжаўся павольна, нібы пасадачная паласа да самалёта. Кірыл бачыў на ім кожную выбоінку і здзіўляўся: чаму гэта адбываецца нібыта ў сне? Ён жа не спіць! Потым раптам недзе над ягонай галавой пачуўся гучны трэск, быццам бы разгарнуўся купал парашута. Нейкая невядомая сіла падхапіла Кірыла ў паветры, рэзка запаволіўшы ягонае падзенне, шпурнула кудысьці ў бок, і ён тварам дагары чвякнуўся ў мокры, порысты ад адлігі снег, аб штосьці ўсё такі трэснуўшыся патыліцай. Два велізарныя белыя крылы ўзняліся над Кірылам, павеяўшы на яго моцнай хваляй цёплага ветру, і ягоная свядомасць на вокамгненне адключылася.
Потым ён з намаганнем расплюшчыў вочы. Схілены над ім заклапочаны дзіцячы твар выступіў, нібы з туману. Хлопчык у шэрым касцюме і вязанай шарсцяной шапачцы сядзеў перд ім на кукішках і асцярожна тармасіў яго рукою ў блакітнай пальчатцы:
– Гэй... ты жывы, га?
– Жывы... – праенчыў Кірыл, нічога не разумеючы.
– А цэлы? – пацікавіўся хлопчык.
– Вось гэтага не ведаю...
Ён паварушыўся і завыў: галава расколвалася, і страшэнна балела левая рука – відавочна, зламаная.
– Давай, я табе дапамагу, – хлопчык падтрымаў яго ззаду за плечы і дапамог сесці і прыхіліцца спінаю да апоры эстакады. – Нішто сабе ты паляцеў!
– Ты ўсё бачыў?
– Аўжож!..
– А як? Ты ж далёка спераду ішоў...
– Нічога не спераду. Слухай, табе ж у шпіталь трэба. У цябе ўся галава ў крыві.
Здольнасць арыентавацца ў сітуацыі паціху вярталася да Кірыла, але з прычыны моцнага галаўнога болю перад вачыма ўсё плавала і злёгку дваілася, і хлопчык дагэтуль здаваўся яму абсалютна нерэальным. Яму было гадоў дзевяць, ён быў вельмі прыгожы, зграбненькі і моцны – адразу відаць, што спартсмен, меў авальны далікатны твар з сур’ёзнымі зеленавата шэрымі вачыма і дабрадушнымі вуснамі, а нос у яго быў з маленькімі трапяткімі нервовымі ноздрамі. З пад шапачкі хлопчыка на лоб выбівалася пасма цёмна русых валасоў з нейкім дзіўным, бурштынава мядовым адценнем. Як і чаму гэтае дзіця апынулася тут, унізе, ля Кірыла, – было абсалютна незразумела. І чаму сам Кірыл упаў не на праезную частку, пад колы машын, а сюды, у сумёт ля апоры эстакады, – таксама растлумачыць было цяжка. Па ўсіх законах фізікі гэтага ніяк не магло стацца. Але гэта сталася, і Кірыл, як ні дзіўна, быў усё яшчэ жывы. Шурпаты прамёрзлы бетон ледзяніў яму спіну, на твары і руках раставаў снег, а з за правага вуха за каўнер цякло нешта цёплае – відавочна, кроў. Гэта былі пачуцці жыцця, якія ён пару мінут назад так рашуча хацеў абарваць – усе да аднаго.
Над галавой па ранейшаму гула эстакада. Хлопчык выбег на абочыну дарогі і замахаў рукамі, стараючыся спыніць які небудзь аўтамабіль. Некалькі машын пранесліся міма, сярдзіта прасігналіўшы. Потым на абочыне рэзка затармазіла сіняя «Волга». Хлопчык пачакаў, пакуль апусціцца яе бакавое акно, усунуўся ў яго і пачаў нешта паспешна тлумачыць. Дзверцы адчыніліся, і з «Волгі» выбраліся два каржакаватыя мужыкі ў кажухах. Праз мінуту Кірыл ужо сядзеў у цёплым салёне аўтамабіля на заднім сядзенні – мужыкі, нешта панура бурчачы, везлі яго ў шпіталь. Кірыл зразумеў, што больш ніколі не ўбачыць загадкавага хлопчыка, які фактычна толькі што выратаваў яго ад смерці. Ён заплюшчыў вочы. Усё цела крычала ад болю, але ён усведамляў, што сур’ёзных траўмаў у яго няма: рука, канечне, зламаная, магчыма, невялікае страсенне мазгоў, але наўрад ці што небудзь, апрача гэтага. А гэта дробязі, гэта загоіцца, і заўважыць не паспееш. Два велізарныя белыя крылы зрынулі ў гулкай ад болю свядомасці Кірыла. Ён гатоў быў прысягнуцца, што бачыў іх наяве. І гэты вецер, што павеяў ад іхняга ўзмаху яму ў твар, – ён быў абсалютна рэальны, і нават цяпер скура памятала аб ягонай цёплай хвалі. «Гэта быў анёл... – падумаў Кірыл, сам не верачы ў гэтую неспадзяваную думку. – Мяне выратаваў анёл... Злавіў у паветры, кінуў у сумёт і выратаваў... Так, гэты хлопчык быў сапраўдны, жывы анёл, і я бачыў ягоныя крылы... Госпадзі, чаму ж я не спытаў, як яго завуць? Бо ж нават у анёлаў ёсць імёны: Гаўрыіл, Міхаіл...» – прыпамінаў ён, адчуваючы, што зноў ці то засынае, ці то траціць прытомнасць.

Оценка произведения:
Разное:
Реклама
Книга автора
Предел совершенства 
 Автор: Олька Черных
Реклама