9.
Канчаткова ён ачуўся ўжо ў шпітальнай палаце, паглядзеў на сваю загіпсаваную руку, памацаў забінтаваную галаву і зразумеў, што ўсё найгоршае для яго мінула і што ён атрымаў найменшае з таго, што звычайна атрымліваюць пасля падзення з дзесяціметровай вышыні.
У яго хапіла глузду не сказаць ні слова пра сваю спробу самазабойства і запэўніць урачоў, што ён упаў, проста паслізнуўшыся на абледзянелай ад адлігі дарожцы. Яму своечасова ўспомнілася, што па правілах урачы абавязаныя ўсіх няўдалых самазабойцаў накіроўваць на агляд да псіхіятра. Вось бы цікава было, калі б яго прызналі псіхічна хворым! З інстытутам тады ўжо несумненна давялося б развітацца назаўсёды – Кірыла выключылі б не вагаючыся, бо каму ж у педагогах патрэбны клінічна дыягнасціраваны вар’ят!
– Пашанцавала ж табе, хлопец! – круцячы галавой, казаў ягоны лечачы ўрач пад час абходу. – Звычайна ў такіх выпадках ад людзей толькі мокрае месца застаецца, а ты, можна сказаць, аднымі сінякамі абышоўся.
Кірыл і сам ведаў, што яму неверагодна пашанцавала, як шанцуе, быць можа, адзін раз на мільён. «Чаму мяне выратавалі? – пакутліва думаў ён, лежачы на сваім ложку, гледзячы на столь і зноў успамінаючы белыя крылы. – Няўжо камусьці трэба, каб я яшчэ крыху пажыў на гэтым свеце? Але навошта? Які ў гэтым сэнс? Не можа быць, каб...»
Ён успомніў пра сіні сшытак у кішэні свайго паліто і спытаўся пра яго ў паджылой нянечкі.
– Ніякага сшытка не было, – адказала тая. – Згубіў, напэўна, ты яго, мілы, калі ляцеў.
«Так, напэўна, згубіў...» – у думках уздыхнуў і супакоіўся Кірыл. Яму сапраўды чамусьці стала лягчэй ад таго, што ягоныя вершы назаўсёды зніклі і пра іх можна папросту забыць, як дарослы чалавек забывае пра ўласныя дзіцячыя свавольствы.
| Реклама Праздники |