Произведение «ЦЁМНЫ АНЁЛ. РАЗДЗЕЛ 1\11»
Тип: Произведение
Раздел: По жанрам
Тематика: Фантастика
Автор:
Читатели: 520 +1
Дата:

ЦЁМНЫ АНЁЛ. РАЗДЗЕЛ 1\11

11.

Пасля абеду, пад час ціхай гадзіны, Кірыл, асцярожна несучы на тальмаху сваю руку, выйшаў у шпітальны калідор, каб трошкі размяць ногі. Дзяжурная медсястра, што сядзела за столікам ля сцяны, аклікнула яго:
– А ты чаго распарадак парушаеш?
– Не магу я так ляжаць, моташна мне, – паскардзіўся Кірыл. – Прайдуся крыху.
– Моташна... – прабурчала сястра. – Дзяды вунь зусім да пасцелі прыкаваныя, дый то не скардзяцца, а ўжо другі месяц ляжаць.
– Скажыце, а той дзядуля, мой сусед, сапраўды больш хадзіць не будзе?
– Хутчэй за ўсё. У яго шыйка бядра зламаная, а ў такім узросце...
– Ясна, – уздыхнуў Кірыл. – Значыць, ён не дарэмна бядуе.
– Абуза, канечне, для сям’і, – згадзілася сястра.
– А ў яго вялікая сям’я?
– Не ведаю. Сын часам заходзіць. Дарэчы, да цябе тут таксама наведвальнікі прыходзілі толькі што.
– Толькі што? Хто?
– Жанчына з дзіцём.
– Да мяне? З дзіцём?! – аж спалохаўся Кірыл. – А вы не памыляецеся?
– Чаго ж тут памыляцца? Яны імя і прозвішча тваё назвалі, але я іх не пусціла: пасля ціхай гадзіны прыходзьце, кажу. Яны сказалі, што пачакаюць. Ты спусціся на першы паверх, раз усё роўна не спіш, можа, яны там, у холе, сядзяць.
Кірыл падзякаваў і павалокся да лесвіцы, пакутліва стараючыся здагадацца, што за жанчына з дзіцём можа ім цікавіцца. У галаву нічога не прыходзіла: не было сярод ягоных знаёмых ніякіх жынчын з дзецьмі, дый годзе. «Хутчэй за ўсё, нейкага майго цёзку па прозвішчу шукаюць, – падумаў Кірыл. – Ці мала на белым свеце Цімафейчыкаў!..»
У шырокім і светлым шпіиальным холе на першым паверсе ў кадушках у кутах раслі лапчастыя пальмы, а пасярэдзіне ціха журчаў вельмі мілы маленькі фантанчык, з мармуровай вазачкі рассыпаючы свае струменчыкі веерам у абліцаваны белай пліткай басейн. Весела шчабяталі хвалістыя папугайчыкі ў доўгай вертыкальнай клетцы, што стаяла між двума зацягнутымі шэранню вокнамі. Там і тут па холе былі парасстаўляныя фатэлі, канапкі і столікі – для ўтульнага адпачынку хадзячых хворых і тых, хто іх наведвае. Спыніўшыся, Кірыл акінуў хол позіркам: нікога тут не было, апрача дзвюх дзябёлых цёткаў у белых хусцінках – мяркуючы па ўсім, буфетчыцаў – якія ў свой законны абедзены перапынак, разваліўшыся ў фатэлях, дабрадушна гандзюрылі пра жыццё. Не, ніхто не чакаў тут Кірыла – жанчына з дзіцём, калі такая і існавала, напэўна, выйшла, каб вярнуцца праз гадзіну, уладзіўшы якія небудзь свае надзённыя справы. Зрэшты, Кірыл не пашкадаваў, што сюды спусціўся: тут, ва ўсякім разе, было лепш, чымся ў палаце, і святла больш, і паветра чысцейшае. Аблюбаваўшы сабе фатэль ля сцяны, ён ужо накіраваўся быў туды, каб пасядзець трошкі і пагартаць часопісы, што ляжалі на століку, але раптам нехта ззаду аклікнуў яго:
– Прывітанне!
Ён павярнуўся і траха не ўпаў ад нечаканасці: проста перад ім стаяў той самы хлопчык! Кірыл адразу, амаль падсвядома пазнаў яго, хаця той цяпер быў без шапачкі і адзеты ў чорныя штаны і аранжавую вадалазку. Хлопчык стаяў і ўсміхаўся абсалютна неапісальнай, чароўнай, светлай усмешкай, ад якой на ягоных шчоках абазначыліся вясёлыя ямачкі, і зноў здаваўся амаль нерэальным або, ва ўсякім разе, чужародным для гэтага шпіталю і для гэтага хола з усіма тутэйшымі пальмамі і папугайчыкамі.
– Ты? – хрыпла прамармытаў Кірыл, навобмацак усаджваючыся на канапу, што стаяла поруч.
– А я цябе адразу пазнаў, – сказаў хлопчык, тут жа прыблізіўшыся і сеўшы ля Кірыла, – хаця ты і ў піжаме і забінтавалі цябе усяго. Ну, як маешся? Жыць будзеш?
– Руку вось зламаў... – па ідыёцку лыпаючы вачыма, паказаў свой гіпс Кірыл, – а так нічога...
– А я табе твой сшытак прынёс.
– Сшытак?!
– Так, ён тады ў цябе з кішэні выпаў, а я падабраў. – Хлопчык хуткім рухам выцягнуў аднекуль з пад вадалазкі сіні сшытак Кірыла і працягнуў яму. – Ты вершы пішаш? Я прачытаў. Класна!
Усё яшчэ не верачы, што гэта з ім адбываецца наяве, Кірыл узяў сшытак. Ён трохі падмок ад расталага снегу, і краёчкі ў яго пашарпаліся.
– Мы з мамай вырашылі, што яго абавязкова трэба вярнуць, – працягваў хлопчык, усё ўсміхаючыся. – Калі чалавек піша вершы, дык гэта вельмі важна. Іх нельга губляць.
– Твая мама любіць вершы?
– І я люблю. Але мама ў гэтым разбіраецца. У цябе класныя вершы, Кірыл. Яна так і сказала.
– А адкуль ты ведаеш, як мяне зваць?
– Дык на сшытку ж напісана: «Кірыл Цімафейчык»!
– Ах, праўда... А як вы мяне знайшлі?
– Патэлефанавалі вось па гэтым нумары, – хлопчык пастукаў пальцам па вокладцы сшытка, дзе ў куточку быў на ўсякі выпадак запісаны дамашні тэлефон Антаніны Язэпаўны. – Там нейкая жанчына сказала, што ты ў шпіталі, і растлумачыла, як цябе знайсці.
– Так, канечне, усё проста... А цябе як завуць?
– Сярожка.
– Ведаеш... дзякую табе, Сярожка. Ты не ўяўляеш, як я табе ўдзячны. Ты ж мне жыццё выратаваў.
– Ды ну... – засаромеўшыся, апусціў вочы хлопчык. – Я толькі машыну спадарожную спыніў...
– Ды не, не толькі. Іншы б, напрыклад, і не спыніў. А наогул мне здаецца, што справа тут не ў адной машыне.
– А ў чым яшчэ?
– Я вельмі добра памятаю, як падаў, – прамовіў Кірыл, напружана ссунуўшы бровы. – І памятаю, што ты ішоў далёка паперадзе мяне. Зусім далёка, ужо з эстакады да стадыёна спускаўся. Як жа ты мог гэтак адразу апынуцца ўнізе, ля апоры, дзе я ляжаў? Гэта ж фізічна немагчыма. Там жа метраў трыста трэба прабегчы, каб спусціцца і вярнуцца да апоры. Як жа ты паспеў?
– Ну, не ведаю... паспеў жа... – паціснуў плячыма Сярожка.
Кірыл пільна паглядзеў яму ў твар і прамовіў ціха, але выразна:
– Я бачыў твае крылы. Выпадкова. Ты іх, канечне, больш нікому і ніколі не пакажаш, але я бачыў, даруй. Два велізарныя белыя крылы. Ты ж мой анёл заступнік, праўда?
– Я а?! – здзіўлена акругліў вочы хлопчык. – Я анёл?! Ва а! Відаць, усё такі здорава ты мазгаўнёй выцяўся!
І засмяяўся звонка і шчыра, так што з ямачкаў на ягоных шчоках нібыта пырснулі сонечныя праменчыкі.
Кірыл адчуў, што чырванее ад пакутлівай няёмкасці. Аўжож! Ляпнуць такое перад незнаёмым хлопчыкам, якога бачыць другі раз у жыцці! Добра яшчэ, што той прарэагаваў гэтак адэкватна, палічыўшы сказанае за жарт, а мог жа і спалохацца. Вось бы якая тады была ўдзячнасць за ўсё, што ён для Кірыла зрабіў!
– Даруй, гэта я так... Напэўна, і сапраўды выцяўся... – прамармытаў Кірыл, збянтэжана скручваючы свой сшытак у трубачку. – Не звяртай увагі.
– Ды нічога! – весела страсянуў галавой Сярожка. – Мне нават нейк прыемна стала, што нехта ва мне анёла з крыльцамі ўбачыў. Мама вось, калі сярдуе, наадварот кажа: «Нячысцік ты, а не дзіцё!» Асабліва калі чаравікі раздзяру або з сіняком дадому прыйду.
– А чаму з сіняком? Б’ешся, ці што?
– Б’юся. Я, між іншым, боксам займаюся, а на трэніроўках рознае бывае.
– А а... Я чамусьці адразу падумаў, што ты спартсмен. А гадоў табе колькі?
– Дзевяць. Я ў трэцім класе і пакуль што акцябронак. Вясной абяцалі ў піянеры прыняць, на дзень нараджэння Леніна, хаця я і не выдатнік. Але затое ў мяне медаль ёсць з агульнагарадскіх спаборніцтваў – другое месца, сярэбраны. А ты студэнт?
– Так. Калі не выключылі яшчэ.
– За што? Ты хіба двоечнік?
– Па самым галоўным прадмеце – па гісторыі КПСС.
– Не выключаць, – упэўнена сказаў Сярожка. – І стыпендыю выдадуць, вось убачыш, ды яшчэ павышаную.
– А адкуль ты ведаеш, што мяне стыпендыі пазбавілі? – азадачыўся Кірыл.
– Усіх жа двоечнікаў пазбаўляюдць, – перасмыкнуў плечуком Сярожка. – Але табе абавязкова выдадуць, я ўпэўнены.
– Чаму гэта ты ўпэўнены?
– Ну, адкуль табе ведаць, можа, я і сапраўды анёл! – вочы хлопчыка зрабіліся вясёлымі і хітраватымі. – Вось махну крыламі: по щучьему веленью! – і будзе табе стыпендыя.
– Грэх з убогага смяяцца... – уздыхнуў Кірыл сумна.
– А што калі я не смяюся? Добра, не бяры ў галаву, праехалі! Дый увогуле, калі ў цябе больш няма пытанняў, дык мне ўжо час ісці. Хутка ціхая гадзіна скончыцца, а я тут сяджу, а мне яшчэ на трэніроўку вечарам.
– Пачакай! – спыніў яго Кірыл. – А мама твая дзе? Я ёй таксама падзякаваць хачу.
– Ды яна тут, цераз дарогу, у краму пабегла, – растлумачыў Сярожка. – Там курэй свежых выкінулі, чарга. Дарэчы, мама прасіла, каб ты, калі цябе выпішуць, зайшоў як небудзь да нас у госці. Ёй бы было вельмі цікава пагаварыць з табой пра вершы. Вось тады і падзякуеш. Трымай! Патэлефануеш, калі выйдзеш.
І працягнуў Кірылу візітную картку. Той уваждіва разгледзеў яе з абодвух бакоў і прачытаў надпіс, зроблены спорным друкарскім шрыфтам: «Ірына Сяргееўна Лортман, хімік кансультант фабрыкі парфюмерных вырабаў «Залатая ружа». На адвароце быў тэлефон і дамашні адрас. Кірыл прыкінуў: гэта было ўсяго некалькі прыпынкаў ад дома Антаніны Язэпаўны.
Задуменна сунуўшы картку ў кішэнь піжамы, ён узняў вочы. Сярожкі ўжо нідзе не было.
– А калі хлапчук выйшаў? Вы не заўважылі? – спытаўся ён у дзябёлых цёткаў, якія ўсё яшчэ гандзюрылі ў фатэлях.
– Які хлапчук? – не зразумелі тыя.
– Ну, той, з якім я толькі што размаўляў.
Цёткі змералі яго насцярожаным поглядам:
– Ніякага хлапчука мы не бачылі.
– Ну як жа? – не сунімаўся Кірыл. – Мы ж якраз насупраць вас сядзелі. Не маглі ж вы не бачыць, дзе ён падзеўся.
– Сам сядзіць, бубніць нешта сабе пад нос, а ад нас нейкага хлапчука патрабуе... – прабурчала адна з цёткаў. – У цябе, наогул, з галавой парадак? А то, я гляджу, забінтаваная яна ў цябе. Табе доктар выходзіць дазволіў? Ішоў бы ты ў палату ад граху. Ты з якога аддзялення? З неўралягічнага?
– Не, з траўматалёгіі... – адказаў Кірыл разгублена і, папрасіўшы прабачэння, хуценька адышоў ад цёткаў.
«Вось і наведаў мяне мой анёл заступнік... – думаў ён, узыходзячы па лесвіцы на свой паверх. – Яму дзевяць гадоў, ён нават не выдатнік, але затое займаецца боксам, і завуць яго не Гаўрыіл і не Міхаіл, а Сярожка... Раскажы каму – абрагочацца! Вось, аказваецца, якія на самай справе бываюць анёлы: без крыл і без німба, затое з сінякамі, і мама ў яго хімік на фабрыцы шампуняў... Анёльская спецыяльнасць, нічога не скажаш! А яшчэ яго неўзабаве ў піянеры прымуць: анёла – у бязбожнікі. І, галоўнае, падобна, што ніхто яго не бачыў, апрача мяне. А можа, і мне толькі здалося? Але картка ж – вось яна!»
Ён сунуў руку ў кішэнь: картка была на месцы. Значыць, Сярожка сапраўды прыходзіў. І сшытак з вершамі таксама тут. Ну не звар’яцеў жа Кірыл, ёлкі палкі!
Реклама
Реклама